28 верасня

Адам Глобус: «Нашы перспектывы я бачу ў інтэграцыі з Еўропай»

 

“Сваю незалежнасць мы можам гарантаваць толькі самі. Іншая справа, куды нас будуць запрашаць. Але геаграфічна, геапалітычна, безумоўна, мы еўрапейцы. Нашы перспектывы я бачу ў інтэграцыі з Еўропай, далучэнні да сусветнай цывілізаванай рэчаіснасці”, -- заявіў у размове з прэс-цэнтрам Хартыі’97 вядомы беларускі літаратар і выдавец Адам Глобус.

– Ці змяніліся сёння Вашыя ўмовы для творчага жыцця, у сувязі са складана сцямім, якія цяпер перажывае Саюз пісьменнікаў Беларусі?

– Пра які саюз Вы гавораце? Іх пяць… Я на сённяшні дзень не належу ні да аднаго з іх. Працягваю працаваць самастойна, як звычайна. Вяду блог у Жывым Журнале, які дазваляе выяўляцца як пісьменніку і мастаку. Я ў Інтэрнэце сам сабе цэнзар, рэдактар, ілюстратар. Мяне цалкам задавальняе такі фармат.

Гэты фармат, як вынікае, вельмі запатрабаваны ня толькі сярод чытачоў livejournal.com. Пэўныя матэрыялы ды мае малюнкі з блогу змяшчаюцца штотыдзень у газэце “Звязда”. Мой апошні раман зараз па суботах друкуе газета “Советская Белоруссия-Беларусь сегодня”. Аўтарскую рубрыку ў інтэрнэце на сваім сайце мне таксама прапанавала агенцтва БелаПАН. Ну і кніжкі мае выходзяць. Літаральна ў панядзелак выйдзе кніга “Казкі” ў выдавецтве Логвінава.

– Давайце паразважаем аб будучым краіны... Што Вы думаеце пра такую каштоўнасць, як незалежнасць? Наколькі яна важная для Беларусі?

– Гэта вельмі вялікая каштоўнасць. Многія ўжо забыліся на тое, як мы жылі ў савецкі час. Узгадваюць толькі лепшае, дакладней сваё ўяўленне пра гэтае лепшае. Мы жылі кепска. Я памятаю, як па хлеб стаяў тры гадзіны. Думаеце, гэта нармальна? Людзі забылі, што ў нас не было каўбасы, іншых прадуктаў. Усе нашы спажывецкія тавары дзяліліся на “саўковыя” і замежныя. Не кажучы пра тое, што папярэдняе пакаленне было абрынутае ў вайну. Хто добра жыў у Савецкім Саюзе?

Незалежнасць – гэта каштоўнасць! Мы яе можам страціць тады, калі нас нехта купіць, альбо заваюе. Хацелася б, каб да нас прыйшло добрае фінансаванне, інвестыцыі, крэдыты. За гэта частку сваёй незалежнасці мы можам дэлегаваць у той жа Еўрапарламент. Гэта ж не абсалютная каштоўнасць. Але яна нам неабходна, як правы чалавека, свабода асобы, свабода слова.

– Пад уплывам якой цывілізацыі, заходняй ці ўсходняй, незалежнасць будзе забяспечана?

– Сваю незалежнасць мы можам гарантаваць толькі самі. Іншая справа, куды нас будуць запрашаць. Але геаграфічна, геапалітычна, безумоўна, мы еўрапейцы. Нашы перспектывы я бачу ў інтэграцыі з Еўропай, далучэнні да сусветнай цывілізаванай рэчаіснасці.

– Ці існуе зараз пагроза празмернага ўплыву з боку Расеі?

-- Зараз культурніцкі уплыў Расеі не такі моцны, якім ён быў 20 гадоў назад. Той час і гэты проста непараўнальныя. Па-першае, я не надаю вялікага значэння ўплыву электронных СМІ, газет. Ёсць больш уплывовыя і важныя уплывы. Напрыклад – войска. Адна справа служыць у Аўганістане, зусім іншая – у Шклове.

– Дарэчы, ці не атрымаецца так, што асаблівасці беларускага этнасу растварацца, паколькі нацыянальны стрыжань у нас недастаткова трывалы. Ці існуе пагроза захаванню нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, улічваючы працэсы глабалізацыі?

– Я лічу, калі чалавек быў італьянцам, альбо беларусам, ён ім і застанецца. Я не лічу, што глабалізацыя для нас небяспечная. Я чалавек анархічных перакананняў. Для мяне змагацца з вялікай імперыяй больш цікава, чым рабіць рамонт у сваёй вёсцы. Зараз будуецца “еўрапейская імперыя”, па законах імперыі. Гэта цікава. Гэта значная геапалітычная падзея ў якой варта прымаць непасрэдны ўдзел. І Беларусі, безумоўна, трэба да гэтага далучыцца. Бо еўрапейскія каштоўнасці для нас цалкам натуральныя.

Усходні наш сусед увесь час займаецца нейкім палітычным абстракцыянізмам накшталт таго, што існуе нейкая Еўразія. Яе няма! Існуе Еўропа і Азія. Я спадзяюся, што палітычная эліта Расеі гэта зразумее, і краіна на пэўных умовах пойдзе ўрэшце па еўрапейскаму шляху. Нават перыяды рэфармавання, якія былі ў гісторыі расейскай імперыі, заўсёды маюць еўрапейскае паходжанне.

– Ці вяртаецца беларуская ўлада да ідэй незалежнасці?

– Дзяржава жыве па законах дзяржавы. Навошта ёй саму сябе знішчаць? Зварот да незалежніцкіх каштоўнасцяў з боку ўлады цалкам натуральны. Часам гэты працэс надта запаволены і марудны, што нас не задавальняе. З іншага боку, дзяржава і спяшацца не павінна. “Бліц-крыгі” яе заўсёды разбураюць. Але на сённяшні дзень рэалізацыя ідэі незалежнасці магчыма праз еўрапейскія каштоўнасці у шырокім сэнсе.

– Ці падтрымлівае дзяржава ў дастатковай меры нацыянальную культуру?

– Мала хто ведае, але, насамрэч, ва ўсім свеце дзяржава ня надта моцна апякуецца культурай. Культура існуе на прынцыпах самаакупнасці. Той жа Галівуд “выжывае” і зарабляе грошы без дзяржпадтрымкі. Я ніколі не чуў, каб амерыканскі прэзідэнт сустракаўся з пісьменнікамі, кінематаграфістамі (маецца на ўвазе па пытаннях дзяржпадтрымкі). Пад якасны культурны прадукт даюць грошы буйныя фірмы. Гэта з іх боку свайго роду інвестыцыі. Культура выпала з поля зроку палітыкаў ва ўсім свеце. Мне можа быць як літаратару і мастаку крыўдна ад гэтага, але так склалася. Мы не можам на гэты конт выказваць нейкія ўльтыматумы дзяржаве.

– Ці магчымы, на Вашу думку, дыялог апазіцыі з уладай?

–Я за тое, каб была апазіцыя. Яна патрэбна ў любой дэмакратычнай краіне. Без яе не існуе палітычнага жыцця. На Еўрапейскі Марш, які мае адбыцца, я пайду. Мяне заўсёды хвалявала думка неабыякавых людзей.

– Як Вы адносіцеся да 12 прапановаў Еўразвяза беларускім уладаў і народу?

– Да прапановаў Еўразвязу па дэмакратызацыі я стаўлюся станоўча. Зараз мы афіцыйна будуем ужо не “еўразійскую” “саюзную дзяржаву”, а Незалежную дзяржаву. А незалежнасць – гэта еўрапейская каштоўнасць! Справа за рэформамі. Рэформы – гэта прызнанне еўрапейскіх каштоўнасцей, а не пошук свайго, ні на што не падобнага і нікому не патрэбнага шляху.

– Акрэсліце яшчэ раз сваю пазіцыю па Еўрапейскаму Маршу.

– Я стаўлюся да Еўрапейскага маршу станоўча. Але мне вельмі не хацелася б, каб пабілі дзяцей, каб ён суправаджаўся арыштамі. Я ужо 19 год хаджу на розныя мітынгі і шэсці. Досвед мне падказвае, што трэба спадзявацца на лепшае, а рыхтавацца да горшага. Ведаеце, я светлае адзенне апранаць не буду, апрануся ў цёмнае. Было б вельмі добра, каб улады дазволілі правесці Марш без эксцэсаў і запалохванняў. Алі і другі бок павінен паабяцаць, што не кінецца на прарыў.

Хартыя'97