3 кастрычнiка

Валер Дранчук: «Маё пакаленне дзесяткі гадоў несла мару пра еўрапейскую Беларусь»

 

“Еўрапейскі марш – акцыя па форме і сутнасці. Мы знаходзімся ў Еўропе, мы частка яе культуры, гісторыі, прыродных багаццяў, і гэта дае нам усе падставы заставацца еўрапейцамі. У нас не павінна быць іншага выбару, апроч як ісці да саміх сябе, інтэгравацца ў сваю будучыню”, -- заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы эколаг і журналіст Валер Дранчук.

“Для мяне асабіста найбольш актуальныя каштоўнасці прыроднай спадчыны, біялагічнай разнастайнасці, прынцыпы новай экалагічнай этыкі, да якіх Еўропа, яе кіруючыя структуры ставяцца глыбока і ўсебакова, набліжаючы эканомікі і грамадствы краін да стандартаў развіцця і аховы”, -- адзначыў эколаг.

“Спадзяюся ўбачыць на маршы моладзь, шмат моладзі, але побач, упэўнены, будуць і людзі майго пакалення, якія дзесяткі гадоў неслі мару пра Беларусь як частку еўрапейскай цывілізацыі. Апошнія дванаццаць – гады нашай скрадзенай мары, час, за які можна было, не сумняюся, стварыць новую вольную еўрапейскую Беларусь. Я не хачу, каб для беларусаў майго пакалення гэта было занадта позна. Таму трэба ісці.

Хартыя'97