9 лiстапада

Беларусь вырашае, чым адказаць Еўропе за дарагія шэнгенскія візы

 

МЗС не пацвярджае інфармацыі аб тым, што беларуская віза для замежнікаў з Еўрасаюза будзе каштаваць танней за 60 еўра.

— Беларусь разглядае магчымасць ужывання мераў у адказ. У тым ліку верагоднае павелічэнне кошту беларускіх віз да 60 еўра. Мой каментар, які зараз абмяркоўваецца ў Інтэрнэце, гучаў інакш, — гаворыць начальнік пашпартна-візавага аддзела консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Ігар Сякрэт. — Беларускі бок не гарантуе замежнікам візы таннейшыя за шэнгенскія. Але я хачу зазначыць, што, напрыклад, з Польшчай і Літвой прайшлі ўжо два раўнды перамоваў і цяпер разглядаецца праект дамоваў, каб зрабіць перамяшчэнне беларусаў і замежнікаў больш лёгкім.

Беларусы прапануюць суседзям ільготны парадак атрымання візаў для некаторых катэгорый:

Сякрэт: Гэта пенсіянеры, кіроўцы, што займаюцца міжнароднымі перавозкамі, супрацоўнікі чыгункі і тыя, хто вымушаны часта ездзіць за мяжу.

Магчыма, Беларусь адкажа Еўропе скасаваннем спрошчанага варыянту атрымання візы. Сёння замежнікі могуць атрымаць беларускую візу ў тэрміновым парадку адразу ў сталічным аэрапорце.

Сякрэт: Магчыма, мы будзем мяняць парадак, а магчыма, будзем кампенсаваць хуткасць выдачы візаў грашыма.

У амбасадзе Беларусі ў Літве Еўрарадыё паведамілі, што зараз на перамовах абмяркоўваецца варыянт таннейшай за шэнгенскую нацыянальнай літоўскай візы. Кіраўнік прэс-службы амбасады Анатоль Жаўтоўскі тлумачыць Еўрарадыё, што пытанне вырашыцца на пачатку снежня:

Жаўтоўскі: Гэта будзе Шэнген, але ён будзе абмяжоўваць у перамяшчэнні па іншых краінах пагаднення. Ніякіх праблемаў з кантролем узнікнуць не павінна. Пра тарыфы казаць рана, пакуль не будзе падпісанае міжбаковае пагадненне. Гэта стане вядома на пачатку снежня.

Па словах кіраўніка прэс-службы амбасады Беларусі ў Літве, колькі б ні каштавала віза для беларуса, для жыхароў краінаў Еўрасаюза хутчэй за ўсё беларуская віза 60 еўра каштаваць не будзе:

Жаўтоўскі: Чым Беларусь адкажа, пакуль невядома. Але мера ў 60 еўра наўрад ці будзе прымяняцца.

Еўрапейскае радыё для Беларусі