9 лiстапада

Вівьен Лайф: Вызваліць палітвязняў можна вельмі хутка

 

"Мы не чакаем ад Беларусі неадкладнага выканання ўсіх 12 умоў Еўразвяза, але вызваленне палітвязняў – просты крок, які можна зрабіць вельмі хутка", – заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўніца ўпраўлення знешніх сувязяў ЕЗ Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі Вівьен Лайф.

"Мы, безумоўна, чакаем, што ўсе палітычныя зняволеныя будуць вызваленыя. Гэта вельмі важна", – падкрэсліла яна. Пры гэтым В.Лайф адзначыла, што беларускі ўрад "усё яшчэ не прадэманстраваў рэальнай гатоўнасці" для паляпшэння стасункаў з Еўразвязам і выканання ўмоў дэмакратызацыі краіны, выкладзеных у дакуменце "Што ЕЗ можа даць Беларусі".

В.Лайф прывітала згоду беларускага боку адкрыць у Менску прадстаўніцтва Еўракамісіі. "Але я б хацела сказаць, што мы не разглядаем адкрыццё прадстаўніцтва як выкананне адной з 12 умоў. Гэта не саступка, за якую Еўропа павінна быць удзячная Беларусі, – сказала В.Лайф. – Гэтае нармальнае развіццё стасункаў. Вельмі шкада, што вырашэнне гэтага пытання заняло так шмат часу".

Па словах В.Лайф, падчас візіту ў Менск 7–9 лістапада яна правяла сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, міжнародных арганізацый, а таксама з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення Еўропы – начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Уладзімірам Серпікавым. "З спадаром Серпікавым мы абмяркоўвалі пытанні двухбаковых стасункаў Беларусі і Вялікабрытаніі, – сказала В.Лайф. – Мы таксама абмеркавалі стасункі Беларусі і ЕЗ і важнасць нармалізацыі гэтых стасункаў". Як падкрэсліла В.Лайф, яна "была б шчаслівая" убачыць, што ЕЗ і Беларусь збліжаюцца. "Але пакуль мы не бачым рэальнага жадання да збліжэння і рэальнай гатоўнасці Беларусі распачаць меры для гэтага", – адзначыла В.Лайф.

Хартыя'97