9 лiстапада

Тадэвуш Кандрусевіч: Папа Рымскі прыедзе ў Беларусь, калі гэтага захоча Бог

 

Ардынарый каталіцкай Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч абяцае пры неабходнасці садзейнічаць падпісанню канкардату паміж Беларуссю і Ватыканам.

"Я быў бы вельмі рады, калі б Беларусь і Ватыкан падпісалі канкардат. Гэта добрая справа, і я, калі патрабуецца, буду ўсяляк садзейнічаць гэтаму працэсу", – заявіў архібіскуп Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі, якая адбылася напярэдадні ў Менску, паведамляе "Інтэрфакс".

Канкардат – гэта дамова паміж Ватыканам і якой-небудзь дзяржавай, што рэгулюе прававое становішча Каталіцкай царквы ў гэтай дзяржаве. "Калі б Беларусь падпісала канкардат з Ватыканам, то яна б выйшла на новы ўзровень у Еўропе", – сказаў ён.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што "Папа Рымскі Бенедыкт XVI тэарэтычна можа прыехаць у Беларусь, але гэта здарыцца тады, калі захоча Бог". "На наступным тыдні я паеду ў Рым, і магчыма, буду мець сустрэчу з Папам Рымскім", – дадаў ён.

Кандрусевіч лічыць, што ў Менску варта пабудаваць новыя касцёлы. "У Менску, дзе жыве даволі вялікая колькасць каталікоў, мала касцёлаў", – заявіў ён. "Хочацца, каб у Менску быў і каледж ці хаця б факультэт для падрыхтоўкі тэолагаў. Менску, дзе пражывае каля 300 тысяч каталікоў, патрэбная і семінарыя, і каледж, і іншыя каталіцкія ўстановы", – дадаў архібіскуп.

Кандрусевіч таксама паведаміў, што да таго, як ён больш за 16 гадоў таму з'ехаў працаваць у Маскву, яго стараннямі ў Гарадзенскай вобласці за некалькі гадоў былі адчыненыя амаль 100 касцёлаў і семінарыя.