10 лiстапада

Адкрыты лiст Івашкевіча

 

Усе помняць, што пасля “Еўрапейскага маршу” група “радыкальнай моладзi” ўручыла арганiзатарам мерапрыемства цацачныя вядзерцы i рыдлёвачкi: маўляў, самi хадзiце выгульваць сабак на Бангалор i прыбiрайце за iмi, а мы выбiраем маршруты па цэнтры Мiнска. У мiнулую нядзелю адзiн з арганiзатараў “Еўрамаршу” Вiктар Iвашкевiч у прызначаны для “Сацыяльнага маршу” час прыйшоў на Кастрычнiцкую плошчу, узяў у адну руку бел-чырвона-белы сцяг, у другую — сцяг Еўрасаюза i пачаў азiрацца па баках: “Дык дзе ж радыкальная моладзь?!” Сапраўды, толькi адзiнкi прыйшлi ў той самы цэнтр. Але галоўнае не ў гэтым. Паколькi ў Iвашкевiча былi заняты абедзве рукi, ён не здолеў дастаць з кiшэнi копiю свайго звароту да Аляксандра Лукашэнкi, каб пазнаёмiць з iм журналiстаў i грамадскасць. Сёння мы друкуем гэты тэкст.

Спадар Прэзiдэнт!

У сваiх прамовах Вы апошнi час сталi выступаць прыхiльнiкам дыялогу. “Я вообще — сторонник диалога. Я иногда создаю ситуации, где сталкиваются различные точки зрения. Только столкновение различных точек зрения, только с разных позиций можно выработать единственную, а может, и не единственную, но правильную линию поведения” (БТ, 3 сакавiка 2006 г., Усенародны сход). Вы заклiкалi да дыялогу Еўропу. “Если бы Запад хотел, чтобы Беларусь процветала, если б Запад хотел видеть такую Беларусь, о какой он заявляет, то он бы как минимум вел диалог с белорусами, с теми, кто способен здесь решать те или иные проблемы” (БТ, 26.10.2007 г.). Я, як кiраўнiк кампанii “Еўрапейскi марш”, хачу Вам дапамагчы перайсцi ад дэкларацый да практычнага дзеяння i дзеля гэтага патлумачыць некалькi простых рэчаў.

Вiдаць па ўсiм, што 12 прапаноў Еўрасаюза Вы ўспрымаеце як ультыматум. Дарэмна. Як Вы любiце казаць, “и коню понятно”, што Еўропа будзе весцi дыялог з тымi кiраўнiкамi, якiя прытрымлiваюцца еўрапейскiх норм паводзiн. Там лiдэраў апазiцыi не саджаюць за краты. Апазiцыя мае роўны доступ да СМI i, як Вы бачылi ў Польшчы, можа мiрным i спакойным чынам прыходзiць да ўлады. Нават тыя, каго па Вашай указцы не пускаюць на Беларусь. Ну скажыце, калi ласка, як з Вамi размаўляць Дональду Туску, новаму прэм'еру Польшчы, калi Вы публiчна, на ўвесь свет, заявiлi з нагоды таго, што яго не пусцiлi ў Гродна: “Дали по морде и правильно сделали!” Вы такiм бачыце дыялог? “По морде” палiтычным лiдэрам Еўропы, “по ребрам” актывiстам апазiцыi? Краты i штрафы тым, хто не згодны жыць па калгасна-мiлiцэйскай маралi? Вiдаць, Вашы дарадцы пужаюцца патлумачыць свайму гаспадару, што такiя паводзiны ў Еўропе называюць дыктатурай.

Гiсторыя дала Вам як першаму Прэзiдэнту шанц зрабiць Беларусь сапраўды заможнай i квiтнеючай. Але недальнабачны стратэгiчны выбар на поўную залежнасць ад Расii завёў Вас i ўсю краiну ў пастку. Журналiстам расiйскiх рэгiёнаў Вы казалi, што не хочаце, каб пасля сканчэння прэзiдэнцтва людзi пабiлi Вас, “как собаку”, палкамi. Але няўжо iнтуiцыя не падказвае Вам, што блiзiцца час, калi абураныя ростам цэн людзi выйдуць на вулiцы? Што рабочыя, як у 1991 годзе, прыхапiўшы гаечныя ключы, выйдуць на цэнтральную плошчу Мiнска? Я добра памятаю той час, бо ўваходзiў у Мiнскi страйкам. Ды i Вы, напэўна, не забылiся, як аглядалi з вокнаў будынка Вярхоўнага Савета БССР стотысячны рабочы мiтынг! Тады менавiта апазiцыi БНФ удалося перавесцi гнеў працоўных у дыялог з уладамi. I сёння БНФ прапануе Вам распачаць канструктыўны дыялог з апазiцыяй i Еўрапейскiм Саюзам. Пакуль не позна.

Вы ўжо здолелi перасiлiць сябе i ўзяць наш лозунг “За незалежную Беларусь!”. Гэта добра. АМАП ужо не збiвае манiфестантаў палкамi. Вельмi добра. Зрабiце зараз наступны крок — вызвалiце ўсiх палiтвязняў, спынiце арышты актывiстаў дэмакратычных сiл, i ўвесь свет паверыць, што Вы можаце мяняцца ў лепшы бок. Вы самi здзiвiцеся, наколькi спакойна пачнеце пачувацца, калi адмовiцеся ад палiтыкi канфрантацыi з усiм светам. Можа, тады знiкнуць Вашы фобii наконт апазiцыi, якая хоча пасадзiць Вас “на кол”. Зразумейце, мы хочам Вам па-хрысцiянску дапамагчы. Лепш дыялог i прымiрэнне з беларускай апазiцыяй i Еўрасаюзам, чым ганьба пад крамлёўскiм плотам.

I яшчэ. Першыя гады незалежнасцi Беларусь мела цалкам хрысцiянскi сцяг. Белы колер азначае чысцiню Хрыстовай душы, а чырвоны — кроў, пралiтую за грахi людзей. Быў час, калi Вашы хаўруснiкi скiдвалi боскi сцяг, iрвалi яго i глумiлiся над iм. Пакайцеся! Дайце людям магчымасць свабодна ўздымаць бел-чырвона-белы сцяг, i шмат што даруецца Вам!

Жадаю Вам здароўя фiзiчнага i духоўнага.


Вiктар IВАШКЕВIЧ, кiраўнiк аргкамiтэта “Еўрапейскага маршу”, намеснiк старшынi Партыi БНФ.

"Народная Воля"