24 лiстапада

Х.Шміт: вызваленьне палітвязьняў – ключ да нармалізацыі стасункаў з ЭЗ

 

Сёньня ў Менску з кароткім візытам знаходзілася кіраўнічка аддзелу палітычнага плянаваньня кабінэта Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Хэльга Шміт. Яна выступіла на беларуска-нямецкай імпрэзе “Менскі форум”.

У сваім выступе прадстаўніца Хаўера Саляны сказала, што ў стаўленьні да Беларусі сярод 27 краінаў-сяброў Эўразьвязу ёсьць розныя падыходы, аднак ёсьць кансэнсус у тым, што гэта важная краіна для Эўразьвязу.

“Гэта важная транзытная краіна, і мы бачым Беларусь у якасьці часткі эўрапейскай сям’і”, – сказала спадарыня Шміт.

Спадарыня Шміт згадала пра 12 прапановаў ЭЗ Беларусі, зробленых год таму.

“Мы хочам падтрымаць Беларусь, каб правесьці важныя рэформы, працэс мадэрнізацыі. Мы хочам пашырыць сфэру спрыяньня для беларускага народу”, – сказала спадарыня Шміт.

Аднак, паводле спадарыні Шміт, маштабнае супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю можа пачацца пры захаваньні афіцыйным Менскам каштоўнасьцяў АБСЭ і Рады Эўропы.

Паводле Хэльгі Шміт, становішча ў Беларусі, як і раней, выклікае заклапочанасьць. Яна згадала рэакцыю ўладаў на мірныя дэманстрацыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, сытуацыю са свабодай мэдыяў, становішча няўрадавых арганізацый і запужваньне апазыцыі.

“Факт, што шэраг палітычных зьняволеных далей знаходзяцца ў беларускіх турмах і гэта моцна ўскладняе стасункі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Вырашэньне гэтых праблем, і перадусім вызваленьне палітычных зьняволеных – ключ для нармалізацыі нашых стасункаў і будаўніцтва партнэрства, якое ёсьць, да прыкладу, з Украінай і Малдовай”.

“Важна, каб беларускі народ мог вырашаць, хто ў Беларусі мусіць кіраваць”

Спадарыня Шміт пры гэтым адзначыла, што Эўразьвяз ня хоча ізаляцыі Беларусі.

“Гэта не азначае, што мы хочам зьвергнуць беларускае кіраўніцтва ці правесьці каляровую рэвалюцыю. Важна, каб беларускі народ мог вырашаць, хто ў Беларусі мусіць кіраваць. Але для гэтага павінна быць магчымасьць у народа вырашаць будучае краіны праз празрыстыя і свабодныя выбары”.

Спадарыня Шміт зьвярнула ўвагу на выбары 2008 году і сказала, што “неабходна ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства Беларусі, каб выбары адпавядалі эўрапейскім і міжнародным стандартам”.

Паводле Х.Шміт, “усе палітычныя сілы павінны атрымаць магчымасьць прэзэнтаваць свае праграмы, і тут выключна важная свабода мэдыяў. І вельмі важна, каб гэтыя выбары прайшлі пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў”.

Спадарыня Х.Шміт сказала, што ўрад Беларусі павінен загадзя даслаць запрашэньні для назіральнікаў АБСЭ.

Паводле Хэльгі Шміт, Эўразьвяз не чакае, што 12 патрабаваньняў будуць выкананы адначасна. Аднак Эўразьвяз будзе рэагаваць на рэальныя, пазытыўныя крокі з боку афіцыйнага Менску.

Радыё Свабода

Смотрите lit-kom.ru купить schiedel оптом. | Строительство зданий из металлоконструкций цены на www.pikmetall.ru.