26 лiстапада

Хельга Шмід: Беларусь – частка еўрапейскай сям'і

 

Беларусь – частка еўрапейскай сям'і, і ў ЕЗ існуе кансенсус па пытанні аб важнасці Беларусі для Еўропы. Пра гэта заявіла начальніца палітычнага аддзела генеральнага сакратарыята Рады ЕЗ Хельга Шмід, выступаючы на Х Менскім форуме 24 лістапада. Х.Шмід перадала прывітанне ўдзельнікам форума ад вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы Хаўера Саланы.

Па словах спадарыні Шмід, новая стратэгія Брусэля ў дачыненні развіцця ўзаемаадносінаў з Беларуссю – не набор умоў, не ўльтыматум, але ўдакладненне неабходных асноў для супрацоўніцтва". Яна назвала "шчодрым" гэтую прапанову Брусэля, бо яна ўключае не толькі такія сферы, як транспарт і энергетыку, але і кантакты паміж людзьмі. "Еўропа гатовая падтрымаць Беларусь на шляху найважнейшых рэформ і мадэрнізацыі для падвышэння дабрабыту беларускіх грамадзян", – заявіла Шмід. Аднак на сёння перадумоў для развіцця такога супрацоўніцтва па-ранейшаму не назіраецца.

Еўразвяз разумее, што 12 рэкамендацый для паляпшэння стасункаў не могуць быць рэалізаваныя беларускім бокам за кароткі тэрмін, аднак, "калі будуць выкананыя асноўныя з іх, з боку ЕЗ неадкладна будуць зробленыя крокі насустрач" Беларусі. Найперш, гэта тычыцца вызвалення ўсіх палітвязняў. Як вядома ЕЗ увёў абмежаванні супраць асоб, вінаватых у разгонах дэманстрацый, аднак гэтыя абмежаванні не носяць канчатковага характару. Еўразвяз уважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі, і, калі з'явяцца прыкметы яе паляпшэння, спісы асоб, супраць якіх дзейнічаюць абмежаванні, могуць карэктавацца.

У сваёй прамове еўрапейская службоўка адзначыла, беларускі народ сам вырашае, хто кіруе іх дзяржавай, але для гэтага грамадзяне маюць права разлічваць на тое, што выбары ў 2008 годзе будуць адкрытымі і справядлівымі. Па словах Х.Шмід, падчас яе сённяшняй сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Валерыем Варанецкім ім быў пацверджаны "намер беларускага боку правесці выбарчую кампанію згодна з міжнароднымі стандартамі".

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года сітуацыя ў Беларусі "выклікае занепакоенасць Брусэля", выказала меркаванне спадарыня Шмід. Яна адзначыла наяўныя, на яе думку, у краіне праблемы ў галіне свабоды прэсы і дзейнасці недзяржаўных арганізацый, ціск на апазіцыю і грамадзянскую супольнасць.

Сярод крокаў беларускіх улад, якія Брусэль успрымае як станоўчыя, прадстаўніца ЕЗ назвала магчымасць правядзення ў Менску Кангрэса дэмакратычных сілаў у траўні 2007 года, рашэнне аб адкрыцці прадстаўніцтва Еўракамісіі, правядзенне Еўрапейскага і Сацыяльнага маршаў у цяперашнюю восень, хоць гэта суправаджалася затрыманнямі напярэдадні Еўрапейскага Марша.

Х.Шмід спаслалася на нядаўняе інтэрв'ю Х.Саланы аднаму з незалежных СМІ Беларусі (гаворка ідзе пра інтэрв'ю сайту Хартыі’97 – заўв.рэд.), у якім ён прывітаў спробы апазіцыі пачаць дыялог з уладамі і выказаў надзею, што "ўлады пойдуць на гэты дыялог". Шмід падкрэсліла важнасць такога падыходу.

На думку прадстаўніцы Саланы, беларускія ўлады "выказваюць гатоўнасць супрацоўнічаць з ЕЗ". Яна таксама звярнула ўвагу на "вялікі інтарэс да беларускага пытання ў Брусэлі". Наша мэта – вітаць Беларусь у сям'і еўрапейскіх дзяржаў, заявіла Шмід.

Хартыя'97