27 лiстапада

Амбасадар Нямеччыны Гебхардт Вайс: «Дыялог важны не толькі паміж Еўразвязам і Беларуссю, але і ўнутры краіны»

 

22–25 лістапада ў Менску праходзіў Х Менскі форум «Беларусь – Еўрапейская нацыя ў працэсе пераменаў: ідэнтычнасць і супрацоўніцтва ў сферах палітыкі, эканомікі, грамадства». Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі д-р Гебхардт Вайс у сваім выступе на форуме зрабіў акцэнт на тое, што сёння ў дзеяннях беларускіх эліт розных лагераў часам не хапае рацыяналізму.

У якасці прыкладу ён прывёў Еўрапейскі Марш, які быў у канчатковым выніку дазволены, але пры гэтым напярэдадні дэманстрацыі рабіліся затрыманні. Дыпламат задаў пытанне: калі было прынятае рашэнне дазволіць правядзенне Марша, навошта тады саджаць актывістаў напярэдадні дэманстрацыі? Сёння амбасадар Нямеччыны адказвае на пытанні прэс-цэнтра Хартыі’97.

– Спадар Амбасадар, чым X Менскі форум адрозніваецца ад папярэдніх форумаў?

– У сувязі з тым, што я прыбыў у Менск у ліпені гэтага года, гэты юбілейны форум стаў для мяне першым форумам. Удзельнікі, якія былі на мінулых форумах, кажуць мне, што з'явіўся нейкі новы дух дыялогу, атмасфера стала лепшай, абмен меркаваннямі, больш канструктыўным стаў уклад удзельнікаў як з боку ўладных структур, так і іх апанентаў, стала менш залішне эмацыйных выступаў. Умацавалася агульнае жаданне больш канструктыўна падыходзіць да дыялогу. Я сам зазначыў, што працоўныя групы, пленумы прайшлі ў даволі добрай атмасферы. Такім чынам, галоўны сігнал форума: дыялог магчымы.

– Дзяржаўны міністр Міністэрства замежных спраў Нямеччыны, які наведаў Форум, заявіў, што Нямеччына заклапочаная парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і падтрымлівае заклікі Еўрапейскага Звязу аб неабходнасці вызваліць палітвязняў.

– Наша пазіцыя ў гэтай сферы ўсім вядомая. У гэтым няма нічога дзіўнага. Але для нас вельмі важна садзейнічаць пераадоленню гэтай сітуацыі. Што тычыцца мэты Еўразвяза ў гэтай галіне, то гэта і наша мэта. Я сам не раз выказваў дадзеную пазіцыю. Але, магчыма, для немцаў на фоне гістарычнага досведу, асабліва ў выніку пераадолення канфліктнай сітуацыі пасля Другой сусветнай вайны, канфлікту паміж Усходам і Захадам, вельмі важны элемент дыялогу на гэтым складаным шляху. Гэта вельмі важна цяпер, калі вакол Беларусі змяняюцца розныя рамачныя ўмовы, дзейнічаюць пэўныя геапалітычныя фактары, існуе ўнутраная неабходнасць мадэрнізацыі…

Дарэчы, дыялог важны не толькі паміж Еўразвязам і Беларуссю, але і ўнутры краіны. Я вельмі рады, што з дэманстрацыяй 14 кастрычніка (Еўрапейскі Марш – заўв.рэд.) была звязаная канцэпцыя дыялогу. Я памятаю, як прагрэсіўная беларуская моладзь несла лозунг «Дыялог паміж дэмакратычнымі сіламі і ўладай».

– Пазіцыя Еўразвяза вельмі зразумелая – беларускія ўлады найперш павінны вызваліць палітвязняў, пасля пачаць выконваць астатнія прапановы ЕЗ. Як вы ацэньваеце перспектывы такога развіцця сітуацыі?

– Што тычыцца пэўнай сітуацыі, то мы збіраемся дыпламатычнымі сродкамі (я бачу ў тым частку сваёй працы) стымуляваць адкрытасць усіх тых нашых партнёраў, якія цяпер у рамках беларускіх структур маюць магчымасць змяніць сітуацыю, звярнуўшы яе насустрач новаму мышленню. Я думаю, што насамрэч шанцы для гэтага ёсць і трэба дзейнічаць з некаторым цярпеннем. Мы, вядома, у гэтай справе можам дзейнічаць толькі як каталізатар, мы не ўмешваемся ва ўнутраныя справы і тым важней, каб мы вялі такую гутарка не дэманстратыўна, а выкарыстоўваючы дыпламатычныя сродкі. Я лічу, што інакш гэта было б контрпрадуктыўна для ажыццяўлення важных намаганняў у галіне правоў чалавека, прававой дзяржавы, мадэрнізацыі і гэтак далей.

Праз застой у цэнтральнай палітычнай вобласці крокі да рэальнага супрацоўніцтва, вядома, здзяйсняюцца ніжэй за патэнцыял, але трэба сказаць, што за гэтым словам «супрацоўніцтва» вельмі шмат сектараў, дзе мы можам прагматычна працаваць разам. Я прывяду ў прыклад сферы, дзе нас звязваюць агульныя інтарэсы: эканоміка, экалогія, інфраструктурныя мерапрыемствы, міграцыйныя праблемы, барацьба з кантрабандай наркотыкаў. Вядома, мы павінны працаваць сумесна, і Еўразвяз гэта таксама робіць. Паглядзіце, напрыклад, на пытанне мадэрнізацыі памежнай службы. З боку Еўразвяза ў гэта ўкладваецца даволі вялікая колькасць сродкаў, і гэта паказвае, што ў рэчаіснасці супрацоўніцтва развіваецца.

– А у якіх сферах не можа быць супрацоўніцтва з уладамі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні?

– Я не хацеў бы пра гэта казаць цяпер – у дадзенай патэнцыйна новай фазе развіцця –аднак, на фоне агульнага нацыянальнага інтарэсу захавання незалежнасці і адначасовай мадэрнізацыі, мне здаецца, што прыярытэтнае і для ўлад і для апазіцыі Беларусі – выхад краіны з гэтага, я не сказаў бы тупіку, але з гэтай ненармальнай сітуацыі. Вы можаце быць упэўненыя, што мне хацелася б убачыць сітуацыю, у якой нармалізацыя ўнуры краіны, як і ў стасунках з Еўразвязам была б магчымай.

– Адгэтуль вынікае, што дыялогу Беларусі з Еўропай павінен папярэднічаць дыялог улад і апазіцыі ўнутры краіны?

– Я часам кажу пра пэўныя элементы нерацыяналізма ў агульнай палітычнай і эканамічнай сістэме, і тое, як апазіцыя арганізуе сябе, таксама паўплывае на яе магчымасць уплываць на агульную сітуацыю. Я вельмі падтрымліваю ідэю дыялогу паміж апазіцыяй і ўладай, і нядаўна тут, у ММАЦ, выступіў прэм'ер-міністр Брандэнбурга спадар Платцэк і сказаў апра галоўны палітычны лозунг нашага былога федэральнага прэзідэнта Ёханнеса Рау: «Прымірэнне замест раздзялення». І я паўтараю, што такі прынцып вельмі важна ўжываць, гэта было б вельмі канструктыўна на фоне новых выклікаў для ўсёй Беларусі – дасягаць дзвюх узаемазвязаных галоўных мэт: з аднаго боку захоўваць і ўмацоўваць незалежнасць, а з другога боку – здзяйсняць мадэрнізацыю. Я думаю, што для ажыццяўлення ў Беларусі гэтых узаемазвязаных мэт Еўразвяз мог быць вельмі прадуктыўным партнёрам, таму што ў Еўразвязе няма канцэпцыі ўладнай палітыкі, а ёсць толькі канцэпцыя суседства і партнёрства.

Хартыя'97

Цены на экскурсии в иордании в Москве
Для узких колодцев насосы для скважин