29 лiстапада

Эўразьвяз чакае вызваленьня палітвязьняў

 

Старшыня Менскага форуму, нямецкі палітоляг Райнэр Лінднэр абверг выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра нежаданьне з боку Эўропы супрацоўнічаць зь Беларусьсю.

Як заявіў палітоляг падчас онлайн-канфэрэнцыі, якая адбылася 28 лістапада на сайце «Радыё Свабода», імкненьне Эўразьвязу да супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам было прадэманстраванае на Менскім форуме, які прайшоў 22-25 лістапада.

“Шкада, што Аляксандар Лукашэнка не прысутнічаў на Менскім форуме. Калі б ён прысутнічаў на нашых дыскусіях, ён бы пабачыў, што прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу, нямецкага бундэстагу, у тым ліку і статс-міністар, вельмі пазытыўна ацэньвалі магчымасьці для супрацоўніцтва зь Беларусьсю, калі б у бліжэйшы час зьмяніліся пэўныя палітычныя ўмовы”, -- зазначыў Лінднэр.

Па словах палітолага, з беларускага боку мусяць быць канкрэтныя крокі – вызваленьне палітычных зьняволеных, свабодныя выбары ў будучым годзе.

“Тады Беларусь увайшла б у праграму "Палітыка эўрапейскага суседзтва". Ужо ідзе дыфэрэнцыяцыя краінаў з пункту гледжаньня ЭЗ. Украіна вельмі шмат фінансаў атрымлівае ад Эўразьвязу, у наступным годзе -- ледзь не паўмільярда даляраў. Малдова таксама атрымлівае. У фінансавым сэнсе Беларусь толькі б выйграла. І грамадзяне таксама -- напрыклад, украінцы за шэнгенскую візу плацяць 35 эўра, а беларусы - 60. І трэці элемэнт -- эканамічныя адносіны, магчымасьці для інвэстыцыяў, прысутнасьці нямецкіх, заходніх фірмаў на тэрыторыі Беларусі”, -- заявіў Лінднэр.

Нагадаем, што на днях Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю гішпанскай газэце “Эль Паіс” сьцьвярджаў, што “Эўропа ня хоча діялёгу зь Беларусьсю”.

Хартыя'97